Агульная беларуская навэнна
Па ініцыятыве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Нацыянальным санктуарыі Марыі ў Будславе будзе праводзіцца Агульнабеларуская навэнна — малітоўная падрыхтоўка да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Асноўным днём, прызначаным для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і набажэнства, прысвечанага Найдаражэйшай Крыві Хрыста, будзе кожная першая субота месяца на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі да ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, якая адбудзецца 4 ліпеня 2026 года.
Распараджэнне Юзафа Станеўскага
«Дарагія браты і сёстры! Шчыра запрашаю ўсіх да ўдзелу ў гэтай малітоўна-духоўнай падзеі.
Праз набажэнства да Найдаражэйшай Крыві будзем дзякаваць Богу за Яго літасць да свету і да нашай Айчыны, да ўсіх нас, нашых сем’яў і супольнасцяў, дзякаваць за плён аднаўлення структураў Касцёла ў Беларусі, а таксама будзем прасіць аб спакоі ў свеце, давяраючы Яму лёс свету і лёс кожнага чалавека, лёс нашай краіны.
Заахвочваю манаскія, рэлігійныя супольнасці і рухі, любую моладзь і ўсіх вернікаў далучыцца да Агульнабеларускай навэнны, якая паспрыяе не толькі паглыбленню веры, распаўсюджанню адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, іншых традыцыйных набажэнстваў (Святой гадзіны, набажэнстваў у першы чацвер месяца, набажэнстваў уміласціўлення Найсвяцейшага Сэрца Езуса і перапрашэння за знявагі Беззаганнага Сэрца Марыі), але і дапаможа ўсвядоміць тую вялікую ласку, якою з’яўляецца Эўхарыстыя і святая Камунія — Цела і Кроў Хрыста — нашая моц і гарантыя нашай шчаслівай вечнасці.
Вельмі важна, каб Навэнна праводзілася не толькі ў Будслаўскім санктуарыі, але таксама ў кожнай парафіі, каб разважанні пра Эўхарыстыю, Ружанцовыя разважанні паспрыялі нашаму аднаўленню ў Хрысце, а значыць усіх нашых супольнасцяў».
4 ліпеня 2026 года ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай падчас урачыстасці будзе здзейснена прысвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі, усяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста.
Гэтае прысвячэнне стане ўдзячнасцю за 35 гадоў аднаўлення партыкулярнага Касцёла на Беларусі, перапрашэннем і прысвячэннем Пану Богу будучыні Касцёла і свету.
«Пастараемся ж, шчыра ўдзельнічаючы ў набажэнствах да Найдаражэйшай Крыві Езуса Хрыста, вымаліць, каб Кроў Хрыста пранікала ў кожнага чалавека і ў яго справы, прыносячы ўсім нам, паводле волі Божай, вызваленне, ачышчэнне, аздараўленне і асвячэнне.
Няхай заяснее хвала Тваёй Крыві, Пане наш і Збаўца, і аб’явіцца яе моц. Прымаем усё, што Ты, Пане, нам сёння спашлеш, дзеля хвалы Тваёй Крыві, дзеля карысці святога Касцёла і як уміласціўленне за нашы грахі, складаючы ўсё гэта ў келіху Тваёй Крыві праз заступніцтва Марыі"»,
заклікае ўсіх вернікаў Беларусі арцыпастыр.
Тэксты для друку
Парадак Навэнны і План наведвання Нацыянальнага санктуарыя Марыі ў Будславе і правядзення набажэнстваў у парафіях: DOC PDF
Ружанец перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі ў рамках Навэнны у фармаце DOC PDF
Данный контент взят с Catholic.by
